МЗС: Аздараўленне дзяцей за мяжой згортвацца не будзе

Прыпыненне дзеяння ўказа № 555 А.Лукашэнкі ад 13 кастрычніка 2008 г. пра абмежаванне выезду дзяцей за мяжу "з'яўляецца лагічным элементам пазіцыі, якую мы займалі і працягваем займаць". Пра гэта гаворыцца ў звароце прэс-сакратара беларускага МЗС Андрэя Папова да СМІ. "Мы ўдзячныя дзяржавам, міжнародным арганізацыям і няўрадавым структурам, якія рэалізуюць такія праекты. Але пагадзіцеся, на фоне шэрагу неаднаразовых выпадкаў, калі замежныя сем'і спрабавалі пакінуць у сябе беларускіх дзяцей без згоды на тое іх апекуноў, мы патрабуем гарантый замежных уладаў на тое, што нашы дзеці вернуцца на радзіму".

Паводле прэс-сакратара, ў верасні праекты адпаведных міжнародных дамоваў былі скіраваныя на разгляд у 22 краіны. "Цяпер прадуктыўная праца над такім пагадненнем вядзецца паміж Беларуссю і Ірландыяй", — зазначаецца ў каментарыі. З Італіяй такое пагадненне было падпісанае ў 2007 г. З іншымі краінамі, "на жаль, працэс узгаднення ідзе дастаткова марудна і не па пашай віне".

БелаПАН