МЗС: Заява Мядзведзева не супярэчыць сумеснаму ўступленню ў СГА
Заява Дзмітрыя Мядзведзева пра асобнае ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю не супярэчыць ранейшай дамоўленасці Беларусі, Расіі і Казахстана аб сумесным узгодненым уступленні. Пра гэта сёння заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
Андрэй Савіных: "Існуюць два ўзроўні: стратэгічны і тактычны. На першым рашэнне на ўзроўні прэм'ер-міністраў трох дзяржаў аб узгодненым сумесным уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю дзейнічае, яго ніхто не адмяняў. І ў адпаведнасці з ім працуюць нашыя дэлегацыі ў Жэневе на перамовах".
Тактычны ж узровень звязаны з тым, што перамоўны працэс вызначаецца і пазіцыямі краін-сябраў арганізацыі. І ў яго межах магчымыя адхіленні, але яны не супярэчаць ранейшым дамоўленасцям, дадаў Андрэй Савіных.
Нагадаем, 7 снежня расійскі прэзідэнт заявіў, што Расія будзе "уступаць у СГА асобна, не ўваходзячы ў Мытны саюз". "Адно другому не супярэчыць. Нарэшце ўсе павінны гэта зразумець.... Саюзаў можа быць шмат, а СГА ў нас адна, — сказаў Мядзведзеў.