На час візіту Лукашэнкі ў Жодзіне актывіста трымаюць пад хатнім арыштам

Пад хатнім арыштам утрымліваюць сёння ў Жодзіне Смалявіцкага раёна старшыню міжнароднага грамадскага аб’яднання “Саюз Чарнобыль Беларусі” Аляксандра Валчаніна. У яго кватэры адключаны тэлефон і доступ да Інтэрнэту. Два капітаны міліцыі з’явіліся раніцай да Валчаніна і загадалі на працягу дня знаходзіцца дома і не выходзіць на вуліцу. “Для таго, каб я не мог парушыць гэты загад, афіцэры міліцыі дзяжураць у маёй кватэры”, — паведаміў актывіст агенцтву БелаПАН.

Ён мяркуе, што яго хатні арышт звязаны з прыездам у горад Аляксандра Лукашэнкі і ініцыяваны мясцовымі ўладамі.