На ЦТ у Беларусі зарэгістравалася больш за 101 тысячу абітурыентаў
Самым масавым прадметам сёлета, як і летась, стала руская мова, яе плануюць здаваць больш за 77 тысяч чалавек.
На цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі зарэгістраваўся 101 691 абітурыент (летась — 105 669). Яны плануюць здаць амаль 276 тысяч тэстаў.
Прэс-служба Міністэрства адукацыі адзначае, што самым масавым прадметам сёлета, як і летась, стала руская мова, яе плануюць здаваць больш за 77 тысяч чалавек. Беларускую мову будуць здаваць 24 тысячы 20 абітурыентаў, англійскую мову — больш за 23 тысячы, матэматыку — больш за 52 тысячы, фізіку — амаль 29 тысяч, біялогію — больш за 22 тысячы, гісторыю Беларусі — 17 тысяч 369 чалавек, хімію — больш за 12 тысяч. Кітайскую мову збіраюцца здаваць 10 абітурыентаў (летась яе яшчэ не было), французскую — 788, іспанскую — 185.
Цэнтралізаванае тэставанне пройдзе з 14 да 27 чэрвеня, рэзервовым днём прызначылі 2 ліпеня. Беларускую мову будуць здаваць у нядзелю, 14 чэрвеня, рускую мову — у панядзелак, 15 чэрвеня, грамадазнаўства — у сераду, 17 чэрвеня, біялогію — у пятніцу, 19 чэрвеня, матэматыку — у суботу, 20 чэрвеня, гісторыю Беларусі — у панядзелак, 22 чэрвеня, хімію — у аўторак, 23 чэрвеня, фізіку — у сераду, 24 чэрвеня, замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую) — у чацвер, 25 чэрвеня, сусветную гісторыю найноўшага часу і геаграфію — у суботу, 27 чэрвеня.
Сёлета тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовы дзень — з 26 па 29 чэрвеня.
Фота: Fotolia