На хуткасці ў 258 км/г італьянец абагнаў начальніка брэсцкай міліцыі

Парушэнне, якое цягне на рэкорд, адбылося днямі на аўтатрасе М1/Е30 “Брэст – Мінск – мяжа Расійскай Федэрацыі”. Інфармацыяй пра яго з ЕРБ падзяліўся адзін з супрацоўнікаў брэсцкага ДАІ:
“Па трасе ехаў італьянец, абагнаў начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Той, натуральна, паведаміў на бліжэйшы пост ДАІ пра тое, што аўтамабіль абагнаў яго на вялікай хуткасці”.

На вялікай хуткасці – гэта мякка сказана. Джып БМВ, якім кіраваў італьянец, разагнаўся да хуткасці ў 258 кіламетраў за гадзіну! І гэта пры дазволенай хуткасці ў 120 км/г!!! Праўда, па патрабаванні даішнікаў кіроўца, які быў абсалютна цвярозы, спыніў машыну і пачаў эмацыянальна тлумачыць, што спяшаецца хутчэй прайсці пашпартны кантроль…

Італьянец выслухаў тлумачэнні інспектара, заплаціў штраф, але, як паведамляе газета “Беларусь Сегодня”, у раёне Кобрына ізноў на шалёнай хуткасці абагнаў аўтамабіль з апазнавальнымі знакамі беларускай міліцыі. Відаць, з першага разу да італьянца не дайшло, і… Яго ізноў аштрафавалі!

“На трасе шмат замежнікаў, – кажа наш суразмоўца з брэсцкага ДАІ. – наказваюць усіх: і расіян, і немцаў, якія едуць на радзіму, з радзімы… Трапляюцца і нецвярозыя замежныя грамадзяне”.

Сёлета ўжо 50 ДТЗ на “брэсцкай” трасе адбылося па віне кіроўцаў транзітнага транспарту. 13 чалавек загінула, 59 паранена. Кіроўцы былі нападпітку ў 8 выпадках.