На іванаўскім "Белсоладзе" звальняюць “нязручных” працаўнікоў?

Пяцёра работнікаў іванаўскага прадпрыемства "Белсолад" аспрэчваюць сваё звальненне ў судзе. Яшчэ на пачатку лета кіраўніцтва прадпрыемства папярэдзіла аб непадаўжэнні кантракту 21 з амаль 400 сваіх работнікаў. Вось як патлумачыў сітуацыю былы прафсаюзны актывіст Леанід Грамада: Грамада: "Месяцаў з дзесяць таму на нашым прадпрыемстве пачалася рэканструкцыя. Дырэктар на агульным сходзе сказаў: нікога не звольнім - толькі добра працуйце. І вось, 21 чалавеку прыйшлі папярэджанні аб непрацягу кантракта. Пяцярым наогул ніякай працы наўзамен не прапанавалі, нават для адчэпнага. Яны падалі іскі ў суд".

У ліку тых, каго звольнілі, ёсць тры жанчыны, кажа сп.Грамада. У адной дзіця хварэе на цэрэбральны параліч, у другой кармілец-сын — у войску, трэцяя мае на ўтрыманні мужа-інваліда. Леанід Грамада кажа, што за 23 гады не меў заўваг па працы. Як і большасць тых, з кім не працягнуты кантракт. Ён сцвярджае, што на вызваленыя месцы набіраюць неабучаных людзей. Вось што кажа сп.Грамада пра магчымую прычыну звальнення:

Грамада: "Гады з тры таму мы не пагадзіліся з тым, што дырэктар не плаціў за звышурочную працу, як належыць паводле заканадаўства. Сабралі сход. Спачатку пайшлі да галоўнага інжынера. Ён не вырашыў. Потым да наймальніка. Дырэктар сказаў, што ў яго грошы ёсць, але плаціць не будзе. З таго часу нашаму ўчастку зарплату малую сталі выстаўляць. Незалюбіў, незалюбіў".

Намеснік дырэктара па ідэалогіі “Белсолада” сказаў, што ўсе пагаршэнні ўмоваў працы і звальненні законныя. Іскі звольненых іванаўчан будуць разглядацца на пачатку верасня.