На "Казачным джэме" казкі слухалі не толькі дзеці, але і сабакі (фота)
У суботу Цэнтр сучаснага мастацтва на вуліцы Някрасава ў Міснку ператварыўся ў горад з назвай "Казачны джэм". Яго калідоры сталі казачнымі вуліцамі, а пакоі і нават туалеты — казачнымі дамамі, у кожным з якіх адбываўся цуд.
"Мы вырашылі зрабіць казачнае свята дзеля таго, каб сабраць шмат-шмат казак у адным месцы, — кажа адна з каардынатарак "Казачнага джэма" Ганна Шапашнікава. — Каб спектаклі, кнігі, гульні, майстар-класы, чытанні, гульнявыя зоны, фота-зоны разам раскрывалі тэму казак для нашых дзяцей. У Еўропе праходзяць вялікія фэсты, калі казкам прысвечаны тыдзень, ці паўтары, і ўвесь горад ператвараецца ў казачны горад. Я спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца, і што ў наступныя разы вуліцы Мінска гэтак жа будуць раскрывацца казкам, як сёння гэта зрабіў Цэнтр сучаснага мастацтва".
Шматлікія мастар-класы і спектаклі прымушалі дзяцей літаральна разрывацца на часткі, бо хацелася і жывёлак з лямцу зрабіць, і паслухаць, як сапраўдным сабакам чытаюць кнігі, і ў басейне з макаронамі-зорачкамі паваляцца, і пад гурт Vuraj патанчыць, і на спектаклях "Ёсць ідэя" сямейства Харланчукоў ды "Даўно-даўно тое было" фальклорнага гурта "Горынь" пабываць. Відавочна, што пасля "Казачнага джэму" многія бацькі перасталі скардзіцца на тое, што ў Мінску няма куды схадзіць з дзецьмі.
"Так цудоўна! Шмат розных спектакляў, майстар-класаў! Дзеці не ведаюць, што ім выбраць нават! Яскрава, шмат музыкі. То бок, з'яўляецца шмат ідэй, якія можна дома ўвасабляць", — гаворыць Наста з маленькім дзіцём у слінгу.
Усе грошы, атрыманыя з продажу квіткоў, пойдуць на будаўніцтва новага будынка Беларускага дзіцячага хоспіса.
Фота Кацярыны Суславай, Веранікі Молакавай і Аляксандра Ждановіча