На кіраўніка сямейнага "клана" і яго брата завялі “крыміналку”

Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні Столінскага райвыканкама Аляксея Дзямко і яго брата — былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка сельгаспрадпрыемства "Фёдараўскі"
У канцы мінулага года кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей агучыў вынікі праверкі дзейнасці дзяржаўных органаў і выкрыў частыя факты фармалізму, пратэкцыянізму, сямейнасці. Тады Макей прадставіў толькі адзіны прыклад Столінскага раёна, дзе адна сям’я заняла шмат дзяржаўных пасадаў.

Кіраўнік Адміністрацыі тады трохі наблытаў са сваякамі Аляксея Дзямко. Старшыня раённага сходу — сястра ягонай жонкі, кіраўнік аднаго з аддзелаў — ягоны сын, мясцовымі калгасамі кіруюць ягоныя сват і брат, а стрыечны брат кіруе следчым аддзелам мясцовай падатковай інспекцыі, сказаў тады Ўладзімір Макей.

Але на справе аказалася трохі інакш, скардзіцца Еўрарадыё старшыня Столінскага райвыканкама Аляксей Дзямко:

"Там толькі адно маё прозвішча правільнае было. Проста трэба было даводзіць да агульнага ведама, хаця ўсе ведалі, што там адныя недакладнасці".

Сапраўды, недакладнасцяў Еўарадыё знайшло шмат. Сваякі Аляксея Дзямко пра якіх казаў Макей, аказаліся зусім не сваякамі. Напрыклад, старшыня раённага сходу — Людміла Кісель — стрыечная сястра жонкі старэйшага брата, а не родная сястра ягонай жонкі, а кіраўнік сельгаспрадпрыемства "Палеская ніва" Мікалай Ожаг — сват старэйшага брата. Між тым, Аляксей Дзямко прызнаўся, што з блізкіх сваякоў “прыстроіў” толькі сына, ды і тое часова. 

Аляксей Дзямко: "У мяне сваякоў у дзяржаўных структурах ніколі не было. Мой сын толькі пасля войска і гістарычнага факультэта, часова падмяняе кіраўніка аддзела моладзі. Сват — гэта не мой сват, пра якога пісалі, што старшыня аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемства вобласці, а сват майго брата. Пляменнік, ягоны сын, кіруе пры дзяржкантролі аддзелам фінансавых расследаванняў. Ён працаваў у абласной пракуратуры, а потым запрасілі яго сюды. Старшыня райсавета Кісель Людміла Пятроўна — гэта зусім чужы чалавек. Яна стрыечная сястра жонкі майго старэйшага брата. Якая ва ўладзе яшчэ з тых часоў, калі я працаваў у калгасе".

Але ж сваякі аказаліся не асноўнай прычынай крымінальнай справы. Як высветліла электроннае выданне "Ежедневник", Аляксею Дзямко інкрымінуюць злоўжыванне уладай. За гэта могуць даць да 10 год з канфіскацыяй. Міліцыя лічыць, што Дзямко атрымоўваў преміяльныя ад "Савушкіна прадукта" на працягу 2005-2008 гадоў за высокія паказчыкі на суму каля 3 мільёнаў рублёў. Гэта ўсяго мільён дадатковага даходу ў год. Грошы зусім малыя, але на думку пракуратуры старшыня райвыканкама такім чынам падарваў давер народа да дзяржаўных структураў. Вось, што галоўнае!

А брата Аляксея Дзямко, абвінавачваюць па тым жа артыкуле, толькі грошы іншыя — больш 35 мільёнаў. Рыгор Дзямко быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і адначасова кіраваў фінансава-гаспадарчай дзейнасцю сельгаспрадпрыемства "Фёдараўскі". За што і атрымліваў заробак, агульная сума якога склала тыя самыя 35 мільёнаў. Але па закону калі ён стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў мусіў скласці з сабе гэтыя абавязкі. 

Рыгор Дзямко кіруе сельгаспрадпрыемствам "Фёдараўскі" ужо больш за трыццаць гадоў. Пра гэта кажа і сам Аляксей Дзямко. 

Аляксей Дзямко: "Мой родны брат кіруе лепшай гаспадаркай краіны 32 гады".

Сам Аляксей Дзямко пасля акадэміі 7 год працаваў інжынерам, 4 гады начальнікам упраўлення, 15 год быў старшынёй сельгаспрадпрыемства і толькі 6 год таму стаў старшынёй райвыканкаму.

Цяпер на братоў Дзямко завялі крымінальную справу, але па другой больш гучнай справе пракурора Міхаіла Снегіра нікога, акрамя самога пракурора не пакаралі. Амаль усе суддзі засталіся на сваіх пасадах. Не працуе толькі Алена Ільіна, якая выконвала абавязкі старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска і была галоўным фігурантам у гэтай справе. Але яе ніхто не звальняў, яна проста сышла па ўласным жаданні.

Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, што да суддзяў Валерыя Есьмана і Таццяны Паўлючук пакуль не знойдзена дастаткова доказаў, каб іх звольніць, і яны проста “шчыра памыляліся”. У прэс-службе Вярхоўнага суда Еўрарадыё пацвердзілі, што абодва суддзі па-ранейшаму працуюць.

Чым жа закончыцца справа Дзямко, невядома, але ў народзе ўжо пагаворваюць, што знайшлі проста "ахвярных казлоў”.