На месцы выбуху ў Цяньцзіні знайшлі аднаго чалавека, які выжыў
Гэта быў найбуйнейшы выбух за ўсю гісторыю.
У пятніцу выратавальнікі выцягнулі з-пад абломкаў аднаго чалавека, які выжыў падчас выбуху на складзе ў партовым горадзе Цяньцзінь на ўсходзе Кітая, паведамляе ВВС.
Нагадаем, што здарэнне адбылося ў сераду ў 23.30 паводле мясцовага часу: на складзе, дзе захоўваліся лёгкаўзгаральныя рэчывы, прагрымелі два выбухі. Магутнасць першага выбуху склала 3 тоны ў трацілавым эквіваленце, а другога — 21. Гэта быў наймагутнейшы няядзерны выбух за ўсю гісторыю.
У выніку здарэння загінулі сама мене 50 чалавек, яшчэ каля 60 знаходзяцца ў цяжкім стане. Агульная колькасць пацярпелых ацэньваецца ў 700 асобаў.
Выбуховая хваля была такой моцнай, што вынесла вокны ў будынках у радыюсе некалькіх кіламетраў, а таксама прывяла да разбурэння бліжэйшых да складу збудаванняў.
Згарэлі тысячы аўтамабіляў. Адна толькі кампанія Renault заявіла пра 1500 знішчаных машын.
Фота: REUTERS