На парадку дня сесіі Палаты прадстаўнікоў няма пытання пра выбары

Сёння пачынаецца пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў. Пытання аб прызначэнні даты чарговых прэзідэнцкіх выбараў у папярэднім парадку дня сесіі няма. Дэпутаты будуць абмяркоўваць праекты нацыянальнага бюджэту і бюджэту Фонду сацыяльнай абароны на 2011 год, змены ў Падатковым і Бюджэтным кодэксах.

Дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў згодна з беларускім заканадаўствам прызначае выключна Палата прадстаўнікоў. Аднак пакуль што ніхто з Палаты па кансультацыі ў Цэнтральную выбарчую камісію не звяртаўся. Пра гэта "Радыё Свабодзе" паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён дадаў, што раней у такіх выпадках дэпутаты звычайна кансультаваліся са спецыялістамі ЦВК.

Паводле заканадаўства, дэпутаты сапраўды могуць прызначыць дату выбараў і сёння. Дастаткова камусьці з іх прапанаваць уключыць у парадак дня гэтае пытанне, і калі іншыя калегі яго падтрымаюць, то Палата павінна будзе разглядаць гэтую праблему.

Выбары прызначаюцца не пазней за 5 месяцаў да завяршэння паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка дзяржавы.


Фота: Академик