На школьніка, які "замініраваў" суседнюю школу, пачалі крымінальную справу
Справа заведзеная за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку (ч.1 арт.340 Крымінальнага кодэкса).
Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на мінскую гарадскую міліцыю.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 21 сакавіка. Каля 13-й гадзіны па спецлініі 102 з вулічнага таксафона затэлефанаваў невядомы і паведаміў пра выбуховае прыстасаванне, закладзенае ў сярэдняй школе №173 па вуліцы Герасіменкі, 48. Міліцыянты і група размініравання абследавалі будынак школы, але выбуховае прыстасаванне не знайшлі. З будынка былі эвакуяваныя 580 чалавек.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і інспекцыі па справах непаўналетніх выявілі, што ілжывую інфармацыю паведаміў 15-гадовы вучань іншай сярэдняй школы. Яго затрымалі і пасля правядзення следчых дзеянняў перадалі бацькам.
Дарэчы, за падобны ўчынак пагражае штраф — да 6 млн 500 тысяч рублёў. Да яго дадаецца кампенсацыя за працу спецыяльных службаў. Штраф (да 2 млн 600 тысяч) пагражае і бацькам хлопца.
Фота — Fotolia