На жараб'ёўцы Чэмпіяната Еўропы 2012 г. Беларусь “пасеяная” ў 4-м кошыку

Падчас жараб'ёўкі Чэмпіянату Еўропы 2012 года, якая адбудзецца 7 лютага ў Варшаве, зборная Беларусі будзе “пасеяная” ў 4-м кошыку. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт UEFA. Чым меншы нумар кошыка — тым лепшыя каманды, якія ў ім знаходзяцца. Сэнс такога размеркавання ў тым, каб у адну групу не трапіла зашмат мацнейшых камандаў Старога света. Напрыклад, у 1-м кошыку адмыслоўцы UEFA змясцілі Іспанію (чэмпіёна), Германію, Нідэрланды, Італію, Англію, Харватыю, Партугалію, Францыю і Расію.

У 4-м кошыку, акрамя Беларусі, знайшлося месца Славеніі, Латвіі, Венгрыі, Літве, Бельгіі, Уэльсу, Македоніі і Кіпру. З гэтымі камандамі Беларусь у адборачным туры ЧЕ-2012 дакладна не згуляе – яны будуць размеркаваныя па 9 розных групах.

Нагадаем, чэмпіянат Еўропы 2012 года пройдзе ў Польшчы і Ўкраіне. Акрамя гаспадароў, у фінальную стадыю турніру патрапяць пераможцы дзевяці адборачных груп і каманда, якая заняла другое месца з найлепшымі паказчыкамі. За астатнія чатыры пуцёўкі паспрачаюцца ў стыкавых матчах іншыя восем камандаў, якія скончаць кваліфікацыю на другіх радках у сваіх групах.