Намесніца рэдактара СБ заявіла, што сыходзіць не з-за палітыкі

Былая намесніца рэдактара "СБ-Беларусь Сегодня" Ганна Шадрына абвяргае на старонках сваёй газеты інфармацыю, якую распаўсюдзіла, па яе словах, Святлана Калінкіна з "Народнай волі". "1 студзеня ў артыкуле Калінкінай выяўляецца наступны абзац: "Калега з вядучай дзяржаўнай газеты па вялікім сакрэце прызнаўся, што ў іх звальняецца намеснік галоўнага рэдактара. Пасля падзей 19 снежня вядомая і дасведчаная журналістка на планёрцы заявіла, што больш не можа працаваць у выданні, якое апраўдвае гэты рэжым". Гэта пра мяне ў загадкавым "палітычным інтэр'еры"! Хоць за "вядомую" дзякуй, усміхаюся".- піша Шадрына.

Далей яна іранічна пачынае вучыць Калінкіну, як трэба працаваць журналісту, прапануе "правяраць праўдзівасць інфармацыі" і браць каментары. "Ей–богу, ніякавата вас вучыць прафесіі, але я і напраўду не разумею, няўжо цяжка зняць трубку" - піша Шадрына.

Былая намесніца рэдактара распавяла, што марыць быць выкладчыкам журфака. А зараз сыходзіць з газеты, бо хоча вызваліць месца для пару–тройкі вар'яцтваў. "Менавіта зараз я ў такім узросце, калі яшчэ можна паспець здзейсніць пару–тройку вар'яцтваў. Я жадаю ездзіць на канферэнцыі і ў экспедыцыі, "каламуціць" інтэрнет-праекты з калегамі-фрылансерамі, пісаць кнігі і сцэнары", - тлумачыць Шадрына свой сыход.