Найбольш у Еўропе пацярпелі ад крызісу ВНУ Латвіі, Эстоніі і Ірландыі

Найбольшае скарачэнне фінансавання ў Еўропе перажылі універсітэты Латвіі пад уплывам эканамічнага крызісу. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання Еўрапейскай асацыяцыі універсітэтаў.
Як паведамляе сайт regnum.ru, выконваючы рэкамендацыі міжнародных крэдытораў, урад Латвіі летась скараціў фінансаванне ВНУ на 48%, а сёлета яшчэ на 18%.

"Гэтае скарачэнне фінансавання стварыла сур'ёзны ціск на сістэму вышэйшай адукацыі Латвіі, прымусіўшы пайсці на значныя змены і структурныя рэформы, якія будуць рэалізаваныя ў бліжэйшыя гады", — заявіла асацыяцыя.

Другое буйное скарачэнне фінансавання перажылі ВНУ Эстоніі — на 7% у 2009-м і на 10% у 2010 годзе, пасля ідзе Ірландыя, адпаведна 5,4% і 9,4%.