Не здзіўляйцеся, калі раптам знікну: сляпыя беларусы засталіся без ПЗ для сувязі
unplash.com
У інвалідаў па зроку жыццё і так няпростае, а тут нечакана дадалася яшчэ адна праблема. Апошнюю версію праграмы JAWS, якой многія з іх карыстаюцца для зносін у інтэрнэце, ніхто не можа ўзламаць.
Мы паважаем аўтарскія правы, не заахвочваем пірацтва і нікога ні да чога не заклікаем. Проста канстатуем сумны факт: слабавідушчыя людзі ў Беларусі вымушаныя карыстацца кракнутай праграмай і перажываюць праз тое, што на яе новую версію пастаўлена надзейная латка. А на куплю ліцэнзійнай версіі JAWS трэба чатыры беларускія месячныя пенсіі па інваліднасці.
— Дзве асноўныя праграмы, якімі карыстаюцца невідушчыя людзі ў Беларусі, — гэта JAWS і NVDA. JAWS самая папулярная, і мне яна вельмі падыходзіла. Ліцэнзійная версія — дарагая, $700, — расказвае Еўрарадыё Генадзь Шостак. Ён амаль не бачыць з нараджэння, афіцыйны дыягназ — кератаконус чацвёртай ступені. — Але што граху таіць, сёння ў тэрытарыяльных пярвічных арганізацыях і Усерасійскага таварыства сляпых, і Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, і Украінскага таварыства сляпых, і падобных арганізацый іншых краін СНД невідушчы карыстальнік можа без вялікіх намаганняў атрымаць ламаны JAWS.
Генадзь дадае, што спрабаваў карыстацца праграмай NDVA.
— Яна бясплатная, але, на жаль, мне не падыходзіць, яе функцыянальнасць значна ўрэзаная ў адрозненне ад JAWS.
Я вельмі баюся
У Беларусі больш за 30 тысяч інвалідаў па зроку. Хтосьці з іх толькі слухае радыё і мае зносіны з роднымі. Хтосьці прасунуты, забяспечаны і можа выкласці кругленькую суму за ліцэнзійную версію праграмы. Але большасць — прасунутая і не ўяўляе свайго жыцця без інтэрнэту, а вось сур'ёзным дастаткам пахваліцца не можа.
Генадзь Шостак пазнаёміўся з камп'ютарам яшчэ ў 1990-х. Цяпер ён піша музычныя рэцэнзіі, уваходзіць у журы музычных конкурсаў, вядзе праграмы на радыё. З камп'ютарам ён, як і многія іншыя інваліды па зроку, мае зносіны праз праграмы экраннага доступу. Яны "прагаворваюць" элементы на экране і дапамагаюць арыентавацца, суправаджаючы голасам кожнае дзеянне. Праблема ў тым, што на новы JAWS устаноўлена "латка", якая не дазваляе ўзламаць яго, а старая версія праграмы не працуе з новымі версіямі браўзераў.
— Мне падказалі выйсце — усталяваць Mozilla Firefox 52.9 з так званай пашыранай падтрымкай. Так я карыстаўся JAWS амаль два гады. Але пашыраная — не значыць вечная. З учарашняга дня пры ўваходзе ва УК з'яўляецца папярэджанне: "Ваш браўзер састарэў" — і прапанова паставіць версію, несумяшчальную з JAWS, — працягвае Генадзь Шостак. — Пакуль УК абмяжоўваецца толькі папярэджаннем — усе опцыі мне яшчэ даступныя. Але не факт, што яны будуць даступныя праз месяц, тры месяцы ці паўгода. Я гэтага вельмі баюся.
Ёсць нюансы
У ГА "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку" Еўрарадыё каментуюць, што праграму экраннага доступу тут можа атрымаць кожны, хто ў ёй мае патрэбу. Але сітуацыю з пірацкім праграмным забеспячэннем каментуюць унікліва:
— Наша арганізацыя бярэ ўсталяванне праграм на сябе. Гэта абсалютна бясплатна. У нас ёсць праграмы супрацоўніцтва з IT-кампаніямі, мы сёння любога інваліда па зроку можам навучыць праграмам работы з камп'ютарам, — кажа старшыня цэнтральнага праўлення Алег Шэпель. — І праграму JAWS мы таксама раздаём. Не думаю, што мы парушаем прававое поле, але тут ёсць нюансы.
Мы звярнуліся ў кампанію-распрацоўшчык Freedom Scientific з просьбай даць малазабяспечаным беларускім сляпым зніжку. Або ў прынцыпе ўвайсці ў іх становішча. Але там адмовілі — на што маюць поўнае права:
— Мы працуем на сусветным рынку больш за 20 гадоў, з вялікім поспехам. Так, мы ведаем, што на тэрыторыі Еўропы распаўсюджана пірацкая версія праграмы, і абмяркоўвалі магчымасць зніжэння цаны з лакальнымі дыстрыб'ютарамі. Але мы просім вас зразумець, што гэтую праграму ствараюць у тым ліку і сляпыя людзі, праца якіх патрабуе аплаты. Каля 50% супрацоўнікаў нашай кампаніі, у тым ліку дырэктар і я, сляпыя або са слабым зрокам. Мы робім усё магчымае, каб падтрымліваць людзей у СНД, але наш рэсурс абмежаваны, — расказаў Еўрарадыё Тобіяс Вінэс, віцэ-прэзідэнт міжнародных продажаў Freedom Scientific.
Выйсце ёсць?
У БелТІЗе кажуць, што працуюць над развязаннем праблемы. Беларускім інвалідам па зроку збіраюцца дапамагаць грашыма.
— Цяпер дзяржава дае згодна з пералікам сродкаў рэабілітацыі смартфоны. Сёння мы прапрацоўваем такое рашэнне, каб інвалід сам мог сабе купіць смартфон, а дзяржава кампенсавала пэўную суму. Крыху пазней будзе магчыма кампенсаваць і кошт спецыяльнага праграмнага забеспячэння.
Тэрміны рэалізацыі праекта, праўда, невядомыя. Гэта ўжо хоць нешта, але пакуль што ніхто не ведае, як дапамагчы Генадзю Шостаку і яго таварышам па няшчасці. Фактычна людзі з абмежаванымі магчымасцямі засталіся сам-насам з праблемай.
— Ніякаму ворагу не пажадаў бы жыць у эпоху перамен, асабліва калі яны адбываюцца ў жыццёва важных для цябе сферах. Яшчэ раз прабачце за такое паведамленне, — кажа Генадзь.
Проста хачу вас папярэдзіць, каб вы не здзіўляліся майму магчымаму раптоўнаму знікненню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.