Нямеччына адкрыла найбуйнейшую базу звестак савецкіх ваеннапалонных

Картатэка са звесткамі пра 700 тысяч савецкіх ваеннапалонных часоў Другой сусветнай вайны адкрытыя для ўсеагульнага карыстання ў інтэрнэце. Таксама апублікаваныя звесткі аб 10 тысячах немцаў, што патрапілі у савецкія лагеры. Сваякі могуць даведацца пра лёс ваеннапалонных на сайтах www.dokst.de (на нямецкай мове) і www.dokst.ru (па-руску).

Базы складзеныя па замове Мінкульту і МУС Нямеччыны. У кожным запісе пададзеныя імя, месца нараджэння, даты нараджэння і смерці чалавека. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць, адправіўшы запыт у Цэнтр дакументацыі пры аб'яднанні "Саксонскія мемарыялы ў памяць ахвяр палітычнага тэрору".

Дрэздэнскі Цэнтр дакументацыі "Саксонскіх мемарыялаў" працуе над гэтым праектам з 2000 года. База створаная пры падтрымцы ўрадаў Беларусі, Украіны і Расіі, паведамляе dpa.de.