Нямецкая міністр юстыцыі дазволіла спартоўцам байкатаваць Алімпіяду ў Сочы
Сабіне Лойтхойсэр-Шнарэнбергер назвала расійскі "антыгейскі закон" супярэчным Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.
Такую заяву кіраўніца Мінюста Нямеччыны зрабіла ў інтэрв'ю часопісу Der Spiegel, перадае РБК. У сувязі з блізкай Алімпіядай-2014 яна адзначыла, што спартоўцы могуць адмовіцца ад удзелу ў Гульнях, а палітыкі — ад наведвання галоўнай спартовай падзеі чатырохгоддзя.
Лойтхойсэр-Шнарэнбергер дадала, што ўдзельнічаць у сочынскай Алімпіядзе "нікога не прымушаюць". Яна заявіла, што чакае ад расійскай улады выканання міжнародна-прававых абавязанняў.
Раней байкатаваць Алімпійскія гульні ў Сочы заклікаў амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм. Праўда, яго абурыла іншая прычына — тое, што выкрывальнік амерыканскіх спецслужбаў Эдвард Сноўдэн атрымаў прытулак у Расіі. Прапанова Грэма не атрымала падтрымкі ў калег.
Фота — Akriesch