Органы апекі абследавалі ўмовы пражывання сына Саннікава і Халіп
18 студзеня органы апекі Партызанскага раёна Мінска абследавалі умовы пражывання сына Саннікава і Халіп.
18 студзеня органы апекі Партызанскага раёна Мінска абследавалі умовы пражывання малалетняга сына экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп Данііла. Пра гэта БелаПАН паведаміў бацька журналісткі Ўладзімір Халіп.
Па яго словах, на працягу некалькіх гадзін тры супрацоўніка органаў апекі складалі санітарна-тэхнічную характарыстыку кватэры Саннікава і Халіп. Супрацоўнікам органаў апекі былі перададзены ўсе неабходныя дакументы для афармлення апекі над хлопчыкам, паводле якіх, па стане здароўя бабуля Люцына Халіп можа быць апекуном свайго ўнука Данііла, сказаў Уладзімір Халіп.
Пытанне пра ўстанаўленне апекі павінна быць разгледжанае адміністрацыяй Партызанскага раёна Мінска на пасяджэнні ў канцы студзеня.
Нагадаем, заяву аб апякунстве Люцына Халіп напісала 24 снежня, пасля нечаканага прыходу прадстаўнікоў органаў апекі ў дзіцячы садок, які наведвае яе ўнук.
Бацькі трохгадовага Данііла былі затрыманыя ў Мінску вечарам 19 снежня пасля масавай акцыі пратэсту і заключаныя ў следчы ізалятар КДБ. Ім прад'яўлена абвінавачанне ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Андрэю Саннікаву і Ірыне Халіп пагражаюць доўгія тэрміны зняволення.