Органы апекі сёння абследуюць умовы пражывання сына Саннікава і Халіп

18 студзеня органы апекі Партызанскага раёна Мінска маюць намер абследаваць умовы пражывання малалетняга сына экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп Данііла. Пра гэта БелаПАН паведаміла маці журналісткі Люцына Халіп. Па выніках абследавання кватэры Саннікава і Халіп супрацоўнікі органаў апекі павінны скласці адпаведны дакумент.

Люцына Халіп паведаміла пра завяршэнне падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў для афармлення апекі над хлопчыкам. Гэтыя дакументы яна мае намер сёння перадаць супрацоўнікам органаў апекі. Паводле слоў жанчыны, згодна з заключэннем медыкаў яна па стане здароўя можа быць апекуном.

Пытанне пра ўстанаўленне апекі павінна быць разгледжанае адміністрацыяй Партызанскага раёна Мінска на пасяджэнні ў канцы студзеня, адзначыла Халіп.

Заяву аб апякунстве Люцына Халіп напісала 24 снежня, пасля нечаканага прыходу прадстаўнікоў органаў апекі ў дзіцячы садок, які наведвае яе ўнук.

Бацькі трохгадовага Данііла былі затрыманыя ў Мінску вечарам 19 снежня пасля масавай акцыі пратэсту і заключаныя ў следчы ізалятар КДБ. Ім прад'яўлена абвінавачанне ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Андрэю Саннікаву і Ірыне Халіп пагражаюць доўгія тэрміны зняволення.