Па факце падзення самалёта пад Мінскам распачата крымінальная справа

Беларускай транспартнай пракуратурай распачата крымінальная справа па факце падзення пад Мінскам расійскага самалёта ВАЕ-125-800 Hawker, перадае БЕЛТА. Справа распачата за парушэнне “правіл бяспекі руху або эксплуатацыі чыгуначнага, паветранага або воднага транспарту”.
Нагадаем, самалёт расійскай авіякампаніі "С-Эйр" разбіўся ўвечары 26 кастрычніка ў чатырох кіламетрах ад Нацыянальнага аэрапорта "Мінск".

На яго борце знаходзіліся два пасажыры і тры члены экіпажа. Сярод іх і дырэктар авіякампаніі Марат Рамашкін.

Лайнер не здолеў зайсці на пасадку з першага разу і паспрабаваў прызямліцца, зрабіўшы кола над аэрапортам. Нечакана ў 21.30 ён знік з радараў.

Абломкі і пяць цел загінулых былі знойдзеныя пазней паміж вёскамі Драчкова і Пяцігодка Смалявіцкага раёна. Элітны бізнес-лайнер мадэлі "Фалькон" ляцеў чартарным рэйсам з маскоўскага аэрапорта "Ўнукава".

Яго пасажыраў чакалі ў мінскім казіно “Шангрыла”. На месцы падзення самалёта эксперты ўжо знайшлі “чорную скрыню”. Аднак пра прычыны катастрофы пакуль нічога невядома.