Пад Гроднам знайшлі мікрааўтобус, запоўнены цыгарэтамі (фота)

Мікрааўтобус “УАЗ”, бітком набіты цыгарэтамі, знайшлі гродзенскія памежнікі. Транспартны сродак стаяў на беразе Нёмана. У ім налічылі 100 скрыняў з тытунёвай прадукцыяй — гэта агулам 50 тысяч пачак цыгарэт. Кошт знаходкі ацанілі ў 460 мільёнаў рублёў (цыгарэты разам з аўтамабілем).

У Дзяржаўным памежным камітэце нагадваюць, што з 23 ліпеня 2015 года змяняецца парадак перамяшчэння тавараў па тэрыторыі памежнай зоны або памежнай паласы і іх захоўвання  ў межах гэтай тэрыторыі.

Паводле новых правілаў, забараняецца перамяшчаць па памежнай тэрыторыі і зоне, захоўваць там болей за тысячу цыгарэт, тысячу грамаў тытуню ці іншых тытунёвых вырабаў. Гэта тычыцца асобаў, якія не маюць дазволу на аптовы і рознічны гандаль тытунёвымі вырабамі, або на іх захоўванне. Нават пры адсутнасці прыкметаў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, за парушэнне гэтай забароны будуць караць штрафам у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.

Фота: gpk.gov.by