Падчас пажару хворыя паўцякалі ў вокны, іх дагэтуль не знайшлі (фота)
Аднапавярховы будынак псіханеўралагічнага інтэрната "Оксачы" ў вёсцы Лука ў Наўгародскай вобласці Расіі гарэў уначы. Плошча пажару склала 670 кв. м.
Цалкам згарэў лячэбны корпус мужчынскага аддзялення. Ратуючы пацыентаў, загінула санітарка. Дзе знаходзяцца больш за дзясятак хворых, пакуль невядома. Яны, верагодна, падчас пажару паўцякалі ў вокны і разбегліся. Цяпер іх шукаюць у навакольных лясах.
Агулам у будынку знаходзіліся каля 60 чалавек. Больш за 20 з іх былі эвакуяваныя сіламі адміністрацыі ўстановы. Трое чалавек пацярпелі, іх шпіталізавалі.
Як паведамляе РІА "Новости", выратавальнікі знайшлі пад заваламі целы шасці загінулых.
Мяркуецца, што прычынай пажару стала неасцярожнасць аднаго з пацыентаў, які выпадкова падпаліў свой ложак падчас курэння. Іншая версія — адбылося кароткае замыканне электраправодкі.






Фота — МНС Расіі