Падпалкоўніка асудзілі за выкарыстанне працы салдатаў

Падпалкоўнік адной з воінскіх часцей у Валожынскім гарнізоне асуджаны вайсковым судом па выніках справы, расследаванай Брэсцкай міжгарнізонай ваеннай пракуратурай. Яго абвінавацілі па арт. 455 ч. 1 Крымінальнага кодэксу (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзейнасць улады). Як паведамляе БелаПАН, следства высветліла, што афіцэр са жніўня па лістапад 2007 года неаднаразова прыцягваў падпарадкаваных па службе вайскоўцаў для выканання прац па ўладкаванні асабістага гаража і кватэры. Таксама ён выкарыстоўваў службовы аўтатранспарт у асабістых мэтах.

Паводле прысуду яму прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання па ваеннай службе тэрмінам на адзін год з утрыманнем у прыбытак дзяржавы 10% грашовага ўтрымання. Акрамя таго падпалкоўнік пазбаўлены на адзін год права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Па звестках Беларускай ваеннай пракуратуры, у 2007 годзе за такія ж злачынствы да розных відаў крымінальнай адказнасці прыцягнутыя два афіцэры, якія рашэннем міністра абароны звольненыя з ваеннай службы па дыскрэдытуючых падставах.