Падследнага дырэктара Мазырскага гарналыжнага комплексу амніставалі

Суд Мазырскага раёна спыніў крымінальную справу на былога дырэктара Мазырскага горналыжнага комплексу ў сувязі з амністыяй. Як паведаміў БелаПАН, былы кіраўнік прызнаны вінаватым у службовай халатнасці, але паколькі ён з'яўляецца пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, справа была спыненая.

Экс-дырэктара вінавацілі ў неналежным выкананні сваіх службовых абавязкаў, што пацягнула масавае траўміраванне грамадзян. 82 пацярпелых атрымалі разнастайныя траўмы, катаючыся на цюбінгах (надзіманыя падушкі для спуску са снежных схілаў). Былы кіраўнік часткова пакрыў шкоду — выплаціў каля 3 млн рублёў за лячэнне пацярпелых. Агулам за лячэнне пацярпелых ён павінен выплаціць каля 20 млн. рублёў.

Не выключана, што ў судзе яшчэ будуць разглядацца грамадзянскія пазовы ў адпаведнасці з законам "Аб абароне правоў спажыўцоў" — гарналыжны комплекс прапанаваў паслугі, а людзі атрымалі траўмы. Але прэтэнзіі будуць выстаўленыя не дырэктару, а гарналыжнаму комплексу.

Комплекс быў здадзены ў эксплуатацыю ў снежні 2006 года, прыняты камісіяй, але атракцыён для катання на цюбінгах меў недаробкі, якія трэба было выправіць да запуску. Магчыма, у сувязі з дэфектамі схілу для катання людзі і атрымалі траўмы. Сярод траўмаваных былі непаўналетнія і малалетнія. Пасля наведвання атракцыёну людзі траплялі ў лякарню з пераломамі канечнасцяў, траўмамі хрыбта, кровазліццямі, чэрапна-мазгавымі траўмамі.

У лютым 2007 года ў выходныя дні падчас святкавання Масленіцы ў мазырскую лякарню з траўмамі трапілі каля 50 чалавек, якія каталіся на цюбінгах.

Крымінальную справу на дырэктара горналыжнага комплексу пачалі ў чэрвені 2007 года, але затым прыпынілі. Расследаванне было завершанае ў траўні 2009 года. Працягласць следства тлумачылі тым, што крымінальная справа была складанай, неадназначнай, з мноствам пацярпелых, а яе расследаванне патрабавала мноства экспертызаў.