Пагаршэнне адносінаў з Расіяй не выкліча пацяплення стасункаў з Еўрасаюзам
Еўрарадыё распытала еўрапейскіх аналітыкаў, як на Захадзе ацэньваюць "газавую вайну" і як гэта адаб’ецца на адносінах Беларусі з Еўрасаюзам.
Ніводзін з бакоў у "газавай вайне" Брусель займаць не будзе, кажуць аналітыкі. Галоўная задача для Еўрасаюза – забяспечыць надзейнасць паставак паліва і дабіцца таго, каб падобныя канфлікты не паўтараліся ў будучыні.
Эксперт прэстыжнага брытанскага Цэнтра еўрапейскіх рэформ Томас Валасэк (Tomas Valasek) кажа, што Еўрасаюз становішчам з пастаўкамі газа занепакоены, але не ў такой ступені, як гэта было з Украінай.
Томас Валасэк: "Еўрасаюз менш занепакоены газавым канфліктам з Беларуссю, чым гэта было ў выпадку з Украінай, бо праз апошнюю ідзе 80% газавага транзіту".
З ім пагаджаецца і эксперт Цэнтра еўрапейскіх палітычных даследаванняў Жорж Дура (George Dura), прыводзячы дадатковыя аргументы.
Жорж Дура: "Па-першае, цяпер летняя пара і спажыванне паліва меней, а па-другое, толькі некалькі краін ЕС могуць пацярпець у вынікі доўгага спынення газавых паставак, ды і тое, іх не так складана замясціць".
Польшча і Нямеччына могуць замясціць газ з беларускай тэрыторыі галоўным чынам праз Украіну, а Літва разглядае магчымасць атрымання паставак з Латвіі.
Жорж Дура кажа, што Беларусь гуляе ў тую самую гульню, што гуляла і Ўкраіна. Калі Расія пагражае перакрыць газ з-за праблемаў з выплатамі, то краіна кажа: добра ― тады Еўропа не атрымае газу, і Расія такім чынам губляе сваю рэпутацыю надзейнага пастаўшчыка.
Але перакрыццё паставак газа ў Еўропу Ўкраінай мела больш абгрунтаваныя падставы, чым у выпадку з Беларуссю, падкрэслівае Томас Валасэк. Рэч у тым, што ўкраінскія транзітныя газаводы інтэграваныя з унутранымі. Таму Ўкраіна проста не магла выкарыстоўваць газ для ўнутраных патрэбаў, не перакрываючы транзіт.
Томас Валасэк: "Беларусь не мае тэхнічных аргументаў перакрываць транзітны газ. Свет успрыме гэта, як перашкоду транзіту беларускім бокам без належных на тое прычынаў".
Паводле падпісанага Беларуссю ў 1994 годзе Дагавора да Энергетычнай хартыі, краіна не мусіць перашкаджаць транзіту газа. 22 чэрвеня прадстаўнікі Еўракамісіі нагадалі гэта беларускім экспертам на адмысловай сустрэчы, паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Еўракамісара па пытаннях энэргетыкі Марлене Хольцнэр. З іншага боку, падпісаны Дагавор Беларусь дагэтуль не ратыфікавала.
Еўрасаюз вінаваціць нейкі з бакоў і займаць чыйсьці бок не будзе, упэўненыя абодва эксперты. Зрэшты, вінаватая і Расія, і Беларусь, адзначае Жорж Дура. На думку Валасэка, Еўракамісія заявіць, што гэта двухбаковы канфлікт, і закліча абедзве краіны да хутчэйшага вырашэння, бо галоўная задача ЕС – забяспечыць непаўтарэнне падобных праблем у будучыні.
Разам з тым Жорж Дура адзначае, што пагаршэнне адносінаў з Расіяй аўтаматычнага пацяплення стасункаў Беларусі з Еўрасаюзам не выкліча, адпаведна стаўленне ЕС да нашай краіны не зменіцца.
Фота: profi-forex.org