Паміж Беларуссю і Венгрыяй пачынаецца "дыпламатычная вайна"?

Беларускае Міністэрства замежных справаў выступіла з заявай наконт выказванняў венгерскага амбасадара Феранца Контры.  Як паведамляе БЕЛТА, беларускі МЗС лічыць выказванні венгерскага дыпламата тэндэнцыйнымі і ўспрымае іх як асабістае меркаванне спадара Контры.

Нагодай для такога дэмаршу стала прэс-канферэнцыя венгерскага амбасадара, дадзеная 20 кастрычніка, напярэдадні нацыянальнага свята — дня Рэвалюцыі.

У прыватнасці, амбасадар Венгрыі, што надае вялікае значэнне сустрэчам з актывістамі няўрадавых арганізацый, прызнаных і непрызнаных: "Ганаруся тым, што падчас такіх сустрэч я пазнаёміўся са шматлікімі людзьмі, якія думаюць катэгорыямі свабоды слова і дэмакратыі".

Як паведамляе БелаПАН, Феранц Контра таксама адзначыў, што прадстаўнікі беларускіх уладаў не заўсёды ідуць на кантакт: "Калі пасля дзвюх маіх просьбаў аб сустрэчы які-небудзь міністр зноў спасылаецца на занятасць, навязвацца я не буду. Я размаўляю з тымі людзьмі, хто ідзе на кантакт з задавальненнем, з кім ёсць агульная тэма для гутаркі".

Амбасадар Вугоршчыны таксама падкрэсліў, што Еўрасаюз падаў Беларусі руку: "Пэўныя працэсы беларускім бокам пачатыя, вынікі ёсць. Але ў некаторых сферах, дзе змены знаходзяцца ў інтэрасах Беларусі і іх можна дасягнуць адным подпісам, прагрэсу не атрымліваецца.Хацелася, каб крокі, якія робіць беларуская ўлада, працягваліся ў паскораным тэмпе. Як толькі яны стануць пераканаўчымі, ЕС адразу адрэагуе на іх адэкватна".

Спадар Контра таксама ацаніў перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Венгрыі. Па яго словах, яно павінна развівацца ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і ЕС. Аднак, адзначыў Контра, "словы расходзяцца з рэчаіснасцю. Сітуацыю са свабодай СМІ вам не трэба тлумачыць. Вы ўсе самі ведаеце. Калі журналістам не даюць свабодна працаваць, калі ім закрываюць рукамі камеры, гэта вельмі перашкаджае развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі".

Па словах дыпламата, у яго склалася ўражанне, што словы і дзеянні беларускіх уладаў не заўсёды адпавядаюць адно аднаму. "Даволі часта падчас акцый, — адзначыў Контра, — супрацоўнікі сілавых органаў збіваюць маладых людзей, мірных дэманстрантаў. Узнікаюць пытанні: што прымаць да ўвагі — словы або тое, што паказваюць тэлекамеры?"