Парашэнка зрабіў алігарху Каламойскаму вымову за лаянку матам (відэа)
Бізнэсмен і кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці вельмі груба сябе паводзіў, размаўляючы з журналістамі.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка абвясціў афіцыйную вымову кіраўніку Днепрапятроўскай вобласці Ігару Каламойскаму пасля таго, як ён абразіў журналіста Радыё Свабода, аблаяўшы яго мацюкамі. Як сказана ва ўказе “Аб прыцягненні да адказнасці”, Каламойскага караюць “за парушэнне правілаў прафесійнай этыкі, учынак, які зневажае яго як дзяржаўнага службоўцу”.
Ігар Каламойскі стаў героем скандалу, які здарыўся ў ноч на 20 сакавіка ў Кіеве ля галоўнага офісу кампаніі “Укртранснафта” — дзяржаўнага аператара нафтатранспартнай сістэмы Украіны.
Напярэдадні інцыдэнту стала вядома, што замест Аляксандра Лазорка кіраваць гэтай кампаніяй будзе Юрый Мірошнік, які раней працаваў у Службе бяспекі Украіны. Каламойскі, які лічыцца адным з галоўных украінскіх алігархаў, быў незадаволены зменай кіраўніцтва "Транснафты". Ён прыехаў да офісу кампаніі разам з узброенымі людзьмі і заявіў, што спрабуе перадухіліць рэйдэрскі захоп.
Калі журналіст Радыё Свабода запытаўся ў Каламойскага, што ён робіць так позна ля офісу “Укртранснафты”, алігарх і буйны чыноўнік адказаў яму нецэнзурнай лаянкай.
Шэраг дзяржаўных ведамстваў і арганізацый запатрабавалі ад Ігара Каламойскага прынесці прабачэнні журналісту, паведамляе ВВС.