Парламент Германіі хоча абмежаваць эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю
Бундэстаг рашуча асудзіў пераследы ў Беларусі "апазіцыі і сіл грамадзянскай супольнасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
З салідарнай пазіцыяй выступілі чатыры з пяці фракцый парламента, паведамляе БелаПАН.
Парламент Германіі разгледзеў у першым чытанні тры праекты заявы па беларускім пытанні, падрыхтаваныя правячай кааліцыяй.
Ва ўсіх праектах утрымліваецца заклік да ўрада краіны працягваць барацьбу за вызваленне палітзняволеных у Беларусі. Парламентарыі не прызнаюць вынікі выбараў, якія "не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі". "Жорсткія дзеянні" беларускай міліцыі супраць апазіцыі сталі праявай "поўнай непавагі да еўрапейскіх каштоўнасцяў і правіл з боку урада і прэзідэнта Лукашэнкі".
На думку бундэстага, урад Германіі павінен выступіць за перагляд палітыкі выдачы Беларусі крэдытаў па лініі Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама ўдзелу краіны ў праграмах Еўрасаюза. Апрача таго, урад Меркель павінен адмовіцца ад палітычных кантактаў з Мінскам на высокім узроўні да вызвалення палітзняволеных.
Фракцыі бундэстага вітаюць рашэнне міністраў замежных спраў краін ЕС увесці візавыя абмежаванні для беларускіх службовых асоб і замарозіць іх актывы.