Партыя БНФ застанецца на цяперашняй Сядзібе прынамсі да красавіка

Да таго часу будзе дзейнічаць арэндная дамова. Таму новае памяшканне БНФ пакуль не шукае. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў намеснік старшыні партыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.  Нагадаем, што камунальнікі прыгразілі выселіць партыю з памяшкання, якое яна займае ад пачатку 90-х гадоў. Кастусёў паведаміў, што БНФ рыхтуе лісты да старшыні Мінгарвыканкама і да кіраўніка ЖРЭУ. Акрамя таго, на 12 студзеня ўжо ёсць дамова пра сустрэчу з прадстаўнікамі і ЖРЭУ, і Мінгарвыканкаму. Гаворка пойдзе пра магчымасць далейшай арэнды Сядзібы БНФ.

Па словах Кастусёва, многія мінчукі пішуць лісты да кіраўніцтва Мінгарвыкаму, каб партыі пакінулі цяперашняе памяшканне. Гэтыя лісты яны адпраўляюць як самастойна, так і праз офіс Партыі БНФ.