Пасля выбуху на "Пінскдрэве" "Зялёныя" звярнулі ўвагу ўраду на іншыя заводы

Партыя “Зялёныя” не спяшаецца закрываць прадпрыемствы, якія не адпавядаюць экалагічным нормам. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў патэнцыйны кандыдаты ў прэзідэнты ад партыі Юры Глушакоў. Нагадаем, што пасля выбуху на "Пінскдрэве" партыя прыняла зварот да ўрада, патрабуючы ўзмацніць экалагічны кантроль на горадаўтваральных і валютаўтваральных прадпрыемствах. Прадпрыемствы, якія не могуць ўкласціся ў экалагічныя нарматывы, трэба зачыняць, мяркуюць "Зялёныя".

Сп.Глушакоў кажа, што пытанне аб закрыцці прадпрыемстваў ён ставіць на апошняе месца. На яго думку, не трэба ахвяраваць эканамічнымі інтарэсамі краіны ды інтарэсамі людзей, якія занятыя на гэтых прадпрыемствах.

Глушакоў: "Прадпрыемствы павінны быць даведзеныя да таго ўзроўню бяспекі, які адпавядае патрабаванням як народнай супольнасці, так і існых нарматываў Рэспублікі Беларусь. А ўжо пасля гэтага, калі прадпрыемствы гэтага не выконваюць, не жадаюць, не ў стане – ім трэба аказаць дапамогу, па-другое. А па-трэцяе – ставіць пытанне аб іх закрыцці".

Глушакоў кажа, што падчас кампаніі па зборы подпісаў яго ініцыятыўная група атрымлівала скаргі на працу на Мінскім радыятарным заводзе, на хімзаводзе ў пасёлку Дружным і г.д. На яго думку, дырэктыва №4 "Аб лібералізацыя эканомікі" прывядзе да таго, што дзеля атрымання найбольшага прыбытку будуць прыносіцца ў ахвяру і навакольнае асяроддзе, і здароўе людзей.