Пінчука падазраюць у крадзяжы паліва і продажы яго ў краінах ЕС

У крадзяжы гаруча-змазачных матэрыялаў у буйным памеры падазраецца 34-гадовы жыхар Пінску. Як паведамілі БелаПАН у аддзеле па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі мясцовай міліцыі, за пінчуком сачылі ад кастрычніка 2008 года.
Падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што, працуючы кіроўцам міжнародных перавозак у адной з арганізацый горада, ён, выкарыстоўваючы заправачную картку "Berlio", у снежні 2006-га-студзені 2007 года завалодаў 4249 літраў дызельнага паліва і бензіну і нанёс урон арганізацыі на суму больш як 16,7 млн. рублёў.

Кіроўца атрымліваў па картцы гаруча-змазачныя матэрыялы на АЗС у большай колькасці, чым было неабходна для працы, рэалізоўваючы "лішкі" і зарабляючы на гэтым. Такія здзелкі ён праводзіў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і шасці краін Еўрасаюза.