Польшча адмяніла консульскі збор за нацыянальную візу для беларусаў
1 студзеня 2011 года Польшча адмяняе консульскі збор за нацыянальную візу для грамадзян Беларусі, паведамляе БелаПАН.
Як заявіў 29 снежня 2010 года міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі, "гэты захад дэманструе салідарнасць з беларускім народам, які 19 снежня даслаў моцны сігнал усім дэмакратычным сілам пра неабходнасць дапамогі".
У сваю чаргу прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі падкрэсліў: "Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ва ўмацаванні еўрапейскай самаідэнтыфікацыі праз кантакты з палякамі і іншымі грамадзянамі Еўрасаюза".
У польскім МЗС адзначылі, што кошт нацыянальнай візы ў Польшчу для беларусаў складаў 20 еўра.
Варта адзначыць, што нацыянальныя візы выдаюцца толькі для працяглага знаходжання на тэрыторыі Польшчы. Шэнгенскія візы коштам 60 еўра выдаюцца польскімі консульствамі для кароткачасовага знаходжання ў Польшчы і іншых краінах Шэнгенскага пагаднення.