Польскае войска прадае кансервы, гарматы, гарох і споднія штаны

Тэрмін захоўвання шэрагу прадуктаў і прамысловых тавараў на складах Войска Польскага хутка мінае. Таму польскія ўзброеныя сілы плануюць збыць гуртам і ўраздроб больш за 1800 тон прадуктаў, у тым ліку 380 тон мясных і рыбных кансерваў, 60 тон кансерваванага сала, 5 тон сальцісона "Сапёрскі", 540 тон цукру, 200 тон макарон, 100 тон гароху і фасолі, 60 тон рысу, а таксама хлеб і гарбату. Кошты прадуктаў у разы ніжэйшыя за рынкавыя.

Таксама войска прадае споднія штаны, ручнікі, торбы для гранат, 4 тысячы шлеек і 130 кг цвікоў.

Акрамя таго, ахвотныя могуць набыць старыя бронетранспарцёры і гарматы, паведамляе Onet.pl.

Агенцтва вайсковай маёмасці існуе ў Польшчы з 1996 г. За гэты час яно прадало тавараў на суму больш за 300 мільёнаў еўра.