Польскія медсёстры ўжо шосты дзень страйкуюць у намётавым лагеры

У Варшаве ўжо шосты дзень працягваецца усяпольскі страйк медсясцёр. Урад адмовіўся павысіць заробкі сярэдняму медыцынскаму персаналу, у той час, як дактарам заробкі павысілі. Пратэсты пачаліся з Белага Маршу, які зладзілі ў цэнтры Варшавы некалькі тысяч медсясцёр і акушэрак, якія прыехалі з розных рэгіёнаў краіны. Чатыры сястры акупавалі пакой у канцылярыі прэм’ера Яраслава Качынскага. Ужо чацвёрты дзень яны спяць там на падлозе і чакаюць, калі прэм’ер сустрэнецца з імі і выслухае патрабаванні страйкоўцаў.

Прэм’ер адказаў, што ў атмасферы націску размаўляць не будзе. Жанчыны адмовіліся пакінуць канцылярыю. Сёння стала вядома, што дэпутат ад кіруючай партыі, медсястра па прафесіі, асабістая сяброўка прэм’ера Яланта Шчыпінская адмовілася перадаць ім пакет з гігіенічнымі сродкамі і бялізнай.

Чатыры сястры апынуліся ў блакадзе, але патрабуюць толькі пракладак і мыла. У цэнтры Варшавы каля трох тысяч медсясцёр разбілі Белае Мястэчка, якое налічвала ў аўторак чатыры намёты, а цяпер - ужо 110. Ежу і пітво нясуць і вязуць варшавяне.

На агароджы Лазенкоўскага парку вісяць спісы гарадоў, з якіх прыехалі медсёстры, і карыкатуры на прэм’ера. У суботу салідарнасць з медсёстрамі выказалі 300 шахцёраў, якія некалі страйкавалі падчас “Салідарнасці” у 1980-х.

Тым часам, прэм’ер Яраслаў Качынскі і мінстр аховы здароўя Баляслаў Пэха сустрэліся з прадстаўнікамі медыкаў, якія ўдзельнічаюць у страйку. Як заявіў прэм’ер падчас сустрэчы, урад будзе весці перамовы толькі з асобамі, імёны якіх назаве прафсаюз “Салідарнасць”.