Пракуратура працягне праверку па смерці журналіста Алега Бябеніна

Праверку па факце смерці журналіста "Хартыі'97" Алега Бябеніна могуць працягнуць на месяц. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна Калініна.
Калініна: "Тэрмін па справе Бябеніна яшчэ не працягнуты. Але ёсць намер працягнуць. Проста планамернае правядзенне праверкі".

Пракурорскі работнік не паведаміла прычыны, па якіх падаўжаецца тэрмін праверкі. Дарэчы, гэта будзе ўжо другое падаўжэнне праверкі па смерці журналіста. Мінулым разам тэрмін быў працягнуты да 3 лістапада.

Нагадаем, што Алега Бябеніна знайшлі павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Мінскам. Першай версіяй смерці было названае самагубства. Потым пракуратура заявіла, што не выключае забойства журналіста.