Пракуратура знайшла ў Віцебску небяспечныя для дзяцей арэлі і горкі

Шматлікія парушэнні тэхнічных нарматываў выявіла пракуратура на дзіцячых пляцоўках Віцебска. Абсталяванне, якое там выкарыстоўваецца, не адпавядае патрабаванням бяспекі і стварае рэальную пагрозу для жыцця і здароўя дзяцей.

Як паведаміла БЕЛТА памочнік пракурора горада Віцебска Вольга Лямнёва, парушэнні выявілі падчас маніторынгу дзіцячых гульнявых пляцовак, размешчаных у дварах жылых дамоў. Многія арэлі не прыдатныя для эксплуатацыі з-за наяўнасці трэшчынаў, сколаў і з-за адсутнасці сядзення і іншых элементаў канструкцыі. Таксама знайшліся арэлі, не замацаваныя належным чынам. Са словаў прадстаўніцы пракуратуры, на такіх арэлях дзеці могуць атрымаць пашкоджанні.

Ёсць праблемы і з дзіцячымі горкамі: паламаныя металічныя дэталі, адсутнасць пяшчанай “падушкі” для прызямлення, частковыя разбурэнні канструкцыяў.

Па выніках маніторынгаў пракуратура горада вынесла прадпісанні на адрас кіраўнікоў адміністрацый раёнаў, а таксама старшыні Рубаўскага сельскага выканкама.

Фота з архіву