Праваабаронца года: У нас добрыя перспектывы на адмену смяротнага пакарання

У Міжнародны дзень правоў чалавека грамадская арганізацыя “Праваабарончы альянс” назвала праваабаронцам года Рамана Кісляка, які дапамог двум асуджаным на смерць скласці скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Скаргі прынялі да разгляду.
На думку праваабаронцы, у нашай краіне ўпершыню з’явіліся добрыя перспектывы на скасаванне смяротнай кары.

Раман Кісляк:
“Задача мінімум – гэта мараторый на смяротнае пакаранне. У беларускай Канстытуцыі запісана, што смяротнае пакаранне можа прымяняцца да моманту яго адмены. То бок, прапісаны яго часовы характар. А тое, што заканадаўчая ўлада ніякім чынам не вызначыла часовыя межы адмены смяротнага пакарання — ўжо ёсць парушэнне Канстытуцыі”.

Паводле неафіцыйных крыніц, з 1997 года ў Беларусі было пакарана смерцю больш за 160 чалавек і толькі адзін асуджаны памілаваны кіраўніком дзяржавы. Сёлета смяротны прысуд вынесены яшчэ двум злачынцам.