Прычына крушэння расійскага самалёта пад Мінскам застаецца таямніцай

Таямніцай застаецца дагэтуль прычына крушэння расійскага самалёта пад Мінскам. Адна з "чорных скрыняў" не падлягае расшыфроўцы, паведамілі ў Міждзяржаўным авіяцыйным камітэце. Нагадаем, самалёт прыватнай расійскай авіякампаніі "С-Эйр" разбіўся 26 кастрычніка ў паўтара кіламетрах ад узлётна-пасадачнай паласы нацыянальнага аэрапорта "Мінск". Пяць чалавек — усе, хто быў на борце, загінулі.

Спецыялістам не ўдалося аднавіць магнітную стужку самапісца, які фіксуе тэхнічныя параметры палёту. Другая "чорная скрыня" — яна запісвала перамовы пілотаў — захавалася лепей. Супрацоўнікі бюро па расследаванні авіяцыйных здарэнняў Вялікабрытаніі ўжо прааналізавалі частку інфармацыі. Паколькі якасць запісу вельмі кепская, для поўнай расшыфроўкі спатрэбіцца больш часу, адзначае тэлеканал ОНТ.