Пяць кандыдатаў у дэпутаты ад АГП здымаюцца з выбараў, Лябедзька застаецца

Пяць кандыдатаў у дэпутаты — членаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі — спыняюць свой удзел у выбарчай кампаніі. Пра гэта заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. У ліку "пяцёркі" — Станіслаў Багданкевіч, Валянціна Палевікова, Ганна Ягорава, Кацярына Маласаева і Аляксандр Дабравольскі. Сам Анатоль Лябедзька працягвае барацьбу за дэпутацкае крэсла. Як паведамлялася раней, 16 верасня члены АГП прад'явілі Цэнтральнай выбарчай камісіі ультыматум у сувязі з немагчымасцю надрукаваць агітацыйныя матэрыялы сваіх кандыдатаў. Лябедзька, Багданкевіч, Палевікова, Ягорава, Маласаева і Дабравольскі збіраліся выдаць сумесную перадвыбарную ўлётку, аднак атрымалі адмову з некалькіх друкарняў.

На пасяджэнні ЦВК 18 верасня сакратар камісіі Мікалай Лазавік заявіў, што "шчыра хацеў дапамагчы Анатолю Лябедзьку арганізаваць выпуск перадвыбарных улётак". Аднак, паводле яго слоў, кандыдаты ў дэпутаты ад АГП "замест улёткі вырашылі выпусціць спецвыпуск газеты "Народная воля", а на прапанову змяніць фармат перадвыбарнага буклета не адрэагавалі.

БелаПАН