Ракета трапіла ў офіс СБУ, дзе быў пашпарт беларуса: яго не выпускаюць з Украіны

Алег на Андрэеўскім спуску ў Кіеве / фота з архіва Алега
Алег на Андрэеўскім спуску ў Кіеве / фота з архіва Алега

Пашпарт беларускага валанцёра ва Украіне Алега Осіпава стаўся знішчаны ракетай. Яна трапіла ў аддзел СБУ ў Харкаве, дзе захоўваўся дакумент. Гэта супала з рашэннем хлопца выехаць з краіны, калі напружанне ад вайны і пастаянных абстрэлаў стала невыносным. Аднак, калі шмат хто з беларусаў сутыкнуўся з выдварэннем з Украіны, Алега, наадварот, не выпускаюць без пашпарта.

Еўрарадыё расказвае гісторыю чалавека, які, уцёкшы ад рэпрэсій на радзіме, дапамагаў Украіне, але цяпер сутыкнуўся з парушэннем правоў і нацыянальнай непрыязнасцю да беларусаў.

Ракета попала в офис СБУ, где был паспорт белоруса: его не выпускают из Украины
Рашэнне аб адмове на выезд / дакумент, перададзены Алегам

Алег актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Пасля таго як ён трапіў на Акрэсціна, яму пагражаў крымінальны артыкул. Тады ён вырашыў паехаць у Харкаў.

— Тут жылі мае блізкія сябры — беларусы. Я падаў заяву на статус уцекача, усе тэрміны скончыліся, але ні станоўчага, ні адмоўнага адказу не было. Потым пачалася вайна, — расказвае Алег. — Першыя два тыдні мы жылі ў метро. Дапамагалі вайскоўцам, валанцёрылі на станцыі. Потым знаёмы паклікаў мяне ў свой дабрачынны фонд Sirius. Маёй асноўнай задачай быў пошук донараў, гуманітарнай дапамогі за мяжой. Але я шмат і разгружаў фуры, сартаваў, ездзіў на выдачу.

Ракета попала в офис СБУ, где был паспорт белоруса: его не выпускают из Украины
Алег у Кіеве / фота з архіва Алега

"Мы ўпершыню за вайну адчулі сапраўдную паніку"

Быць альтруістам у Харкаве пад пастаянным абстрэлам складана, прызнаецца Алег. Эмацыйны стан — як на "амерыканскіх горках".

— З гуманітаркай было вельмі цяжка. Але я стараўся крэатывіць і трымацца каменнай скалой. Пад восень сітуацыя стала вельмі напружанай. Многія баяліся ўдару па энерга- і цепласетках. Калі гэта адбылося, мы ўпершыню за вайну адчулі сапраўдную паніку. Трое сутак без святла і вады... Мы з сябрам, грамадзянінам ЗША, вырашылі пакінуць краіну. Гэта быў пункт незвароту для нервовай сістэмы. Я шмат чаго гатовы быў вынесці, але не гэта.

У пачатку вайны з Украіны ў Польшчу прапускалі нават без дакументаў. Таму Алег быў упэўнены, што з даведкай просьбіта прыстанішча ва Украіне таксама прапусцяць.

— На ўкраінскай мяжы мяне развярнулі. Па дурасці я адправіў усе свае рэчы з сябрам у Польшчу, а сам вярнуўся ў Харкаў па пашпарт. У міграцыйцы высветлілася, што пашпарт усё яшчэ на захоўванні ў СБУ, і пазней, што ён знішчаны. Праз два тыдні СБУ напісалі афіцыйны ліст, а міграцыйная служба склала даведку аб тым, што пашпарт знішчаны.

Ракета попала в офис СБУ, где был паспорт белоруса: его не выпускают из Украины
Даведка з міграцыйнай службы Украіны, якая пацвярджае, што пашпарт знішчаны / дакумент, перададзены Алегам

"Памежнікі толькі хамілі і падвышалі тон"

Алег зноў адправіўся на мяжу, але безвынікова.

— Выглядае на тое, што проста няўдала сутыкнуўся з чалавечым фактарам. Калі разглядаць гэта з боку чалавечых правоў, то гэта парушэнне. Я грамадзянін іншай краіны, які спрабуе эвакуявацца з ваеннай тэрыторыі. Але памежнікі толькі хамілі, падвышалі тон і не давалі мне ўставіць ніводнага слова.

Ад мяне патрабавалі праязны дакумент, якога я апрыёры атрымаць цяпер не магу. І гэта выклікала ў іх толькі смех. Напэўна, гэта было адным з першых маіх сутыкненняў з нацыянальнай непрыязнасцю да беларусаў. У Харкаве мы, наадварот, сябравалі з праваахоўнымі органамі. Гэта не змяніла майго стаўлення да Украіны. Мне проста не пашанцавала.
 

"У любой сітуацыі важна быць чалавекам"

Ракета попала в офис СБУ, где был паспорт белоруса: его не выпускают из Украины
Нягледзячы на цяжкасці, Алег збіраецца працягваць валанцёрыць і захоўвае добрае стаўленне да Украіны / фота з архіва Алега

Суразмоўнік звяртаўся па дапамогу ў міграцыйную службу, УВКУ ААН, у Офіс Святланы Ціханоўскай, Free Belarus Center, Цэнтр беларускай салідарнасці, да шмат якіх юрыстаў.

— З Офіса Ціханоўскай звязаліся з уладамі Украіны. Яны ўжо будуць нешта вырашаць, але па тэрмінах пакуль незразумела.

Цяпер Алег у падвешаным стане ў Львове. Калі ўсё ж атрымаецца выехаць, плануе прасіць прыстанішча ў Польшчы.

— Па прыездзе ў ЕС я таксама планаваў працягваць валанцёрскую дзейнасць. У любой сітуацыі, нават на першы погляд бязвыхаднай, заўсёды важна заставацца верным сваім каштоўнасцям і быць чалавекам. Так, кожны раз на блокпастах я перажываю, калі паказваю дакументы, бо рэакцыя можа быць любая. Але цяпер я ўсё яшчэ ганаруся, што я беларус. І дзе б мы ні знаходзіліся, пакуль ёсць мы, будзе жыць і Беларусь, — робіць выснову Алег.
 

Юрыст: варыянтаў няшмат — ісці ў суд, у тым ліку ЕСПЧ

Калі замежніка не выпускаюць з краіны, дзе ідзе вайна, гэта сапраўды парушэнне правоў, кажа адвакат Алесь Міхалевіч. Улічваючы, што гаворка ідзе пра беларуса, стандартныя працэдуры атрымання патрэбных папер становяцца практычна немагчымымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.