Раман Мянцюк цалкам прызнаў сваю віну, яму пагражае да двух гадоў турмы

Раман Мянцюк, абвінавачваны па справе аб "жывым шчыце", цалкам прызнаў сваю віну. Працэс праходзіць у памяшканні суда Маскоўскага раёна Мінску, але справу разглядае суд Мінскага раёна і Заслаўя.
У зале прысутнічае жонка Рамана Менцюка Вольга, суд над якой пачнецца 30 кастрычніка, а таксама асуджаныя да двух гадоў умоўна двое былых супрацоўнікаў ДАІ (арганізатары "жывога шчыта"). Яны праходзяць па справе як сведкі. Суд дазволіў весці фота- і відэаздымку працэсу, паведамляе "Інтэрфакс".

Інцыдэнт з удзелам Менцюкоў адбыўся 2 сакавіка 2008 года. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, Раман Мянцюк ехаў на легкавіку па трасе Мінск - Мікашэвічы з хуткасцю 160 км/г. Каб яго затрымаць, супрацоўнікі ДАІ спынілі некалькі аўтамабіляў, перагарадзілі імі дарогу і не дазволілі людзям выйсці. Аднак Раман Мянцюк не спыніўся і пратараніў "жывы шчыт". У выніку пяць чалавек, уключна з нявестай Менцюка Вольгай, атрымалі розныя траўмы. Некалькі месяцаў Менцюкі хаваліся ў Расіі, пакуль не былі затрыманыя.

Раман Мянцюк абвінавачваецца ў парушэнні Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой цяжкія цялесныя пашкоджанні. Акрамя таго, яму прад'яўленае абвінавачанне ў кіраванні аўтамабілем у нецвярозым стане. Толькі па першым артыкуле Менцюку пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі, адзначае БелаПАН.