Раманчук: калі будзем сварыцца, сітуацыя будзе нашмат горшая
Нацыянальны камітэт Аб'яднанай грамадзянскай партыі сёння на сваім паседжанні абмяркуе "справу" экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука.
Нагадаем, прэс-канферэнцыя Яраслава Раманчука 20 снежня мінулага года, паказаная па дзяржаўных тэлеканалах, а таксама яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам выклікалі неадназначную рэакцыю ў АГП. Пачалі з'яўляцца прапановы пра выключэнне Раманчука з партыі.
"Трэба быць гатовым, каб даць адказы на ўсе пытанні сяброў Нацыянальнага камітэту", — сказаў Раманчук у жывым эфіры Еўрарадыё. Ён паабяцаў размаўляць з партыйцамі "адкрыта і шчыра". Яраслаў Раманчук пацвердзіў, што гаворка пойдзе пра выбарчую кампанію, пра тое, "што адбылося 19-20 снежня" і ў пазнейшы час.
"Я лічу, што разуменне будзе, таму што наша задача ў краіне адна — зрабіць дэмакратычную, вольную і незалежную Беларусь... Калі будзем сварыцца, сітуацыя будзе нашмат горшая", — кажа экс-кандыдат у прэзідэнты.