Расія аднавіла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю?

На аўтобусных рэйсах з Расіі ў Беларусь уведзены пашпартны кантроль. Але дакументы ва ўсіх пасажыраў, якія рухаюцца за межы Расіі, пакуль што правяраюць толькі супрацоўнікі аўтавакзалаў. У прыватнасці, слухач Еўрарадыё сутыкнуўся з такой сітуацыяй у Смаленску, калі вяртаўся на радзіму. Работнікі смаленскага аўтавакзалу правяралі адпаведнасць здымкаў і знешнасці ўладальнікаў пашпартоў, а таксама звесткі ў квітках. Асабліва пільна прыглядаліся да пасажыраў каўказскай знешнасці.

У кампаніі “Рускія аўтобусныя лініі” карэспандэнту Еўрарадыё пацвердзілі такую інфармацыю. Аднак супрацоўніца кампаніі адзначыла, што праверкі адбываюцца не толькі на мяжы з нашай краінай.

Еўрарадыё: Пашпартны кантроль у вас адбываецца?
“Рускія аўтобусныя лініі”: Адбываецца.
Еўрарадыё: А з чым гэта звязана? Здаецца, не патрэбны быў…
“Рускія аўтобусныя лініі”: З тэрактамі. У Маскве тэракты былі – усё з-за гэтага.
Еўрарадыё: У сувязі з гэтым, аўтобусы, якія накіроўваюцца ў Беларусь, правяраюцца, так?
“Рускія аўтобусныя лініі”: Не толькі ў Беларусь – усе аўтобусы правяраюцца.
Еўрарадыё: А як доўга працягнеца такі рэжым?
“Рускія аўтобусныя лініі”: А я адкуль ведаю? У ФСБ тэлефануйце.
Еўрарадыё: То бок, гэта кіраўніцтва ФСБ вашаму кіраўніцтву такую разнарадачку скінула?
“Рускія аўтобусныя лініі”: Так.

Аднак у Смаленскім памежным ФСБ журналіста Еўрарадыё запэўнілі, што ўпершыню чуюць пра пашпартны кантроль як антытэрарыстычную кампанію.

Нагадаем, 29 сакавіка ў  Маскве адбыліся два выбухі ў метро.

Дарэчы, падчас сёлетняга Дня Волі мінская міліцыя заяўляла пра магчымасць тэракту, які нібыта рыхтуюць нейкія “замежныя асобы”. Тады меркаванай краінай, адкуль у Беларусь нібыта прыехалі тэрарысты, праваахоўнікі называлі Расію.

Фота: Мolnet.ru