Беларусы яшчэ чатыры гады таму маглі б мець бясплатныя ізраільскія візы

Увядзенню бясплатных ізраільскіх візаў для беларусаў перашкаджае адсутнасць перамоваў. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў амбасадар Ізраіля ў нашай краіне Зееў Бен-Ар'е. Паводле яго словаў, на працягу апошніх чатырох гадоў паміж консульскімі службамі Ізраіля і Беларусі "не атрымліваецца дыялог", хоць абодва бакі ў ім і зацікаўленыя.

"Мы прапануем зрабіць візы бясплатнымі. А беларускі бок высунуў прапанову аб адмене платы за візы для непаўналетніх і састарэлых грамадзян", - гаворыць амбасадар. Ён адзначае, што такой практыкі ў Ізраіля няма.

Спадар Зееў Бен-Ар'е заявіў, што беларускі бок пакуль неафіцыйна прапанаваў поўную адмену візаў для грамадзян абедзьвюх дзяржаваў. "Гэтая прапанова таксама можа разглядацца на кансультацыях. Нават калі яна і будзе прынятая, то распрацоўка такога праекту патрабуе часу", - перакананы амбасадар.