Расійскі газ будзе пастаўляцца ў Беларусь па цане $119 – Сяргей Купрыянаў

Расійскі газ будзе пастаўляцца ў Беларусь у першым квартале 2008 года па цане 119 долараў за тысячу кубаметраў. Такую заяву сёння зрабіў у інтэрв’ю тэлекампаніі ТВЦ прадстаўнік “Газпрома” Сяргей Купрыянаў.
Паводле словаў Купрыянава, цана на газ для Беларусі будзе “прывязаная да цэнаў на еўрапейскім рынку нафтапрадуктаў”.

Раней пра гэта паведамляла ананімная крыніца ў расійскай кампаніі, якая адзначыла, што “на дадзены момант цана на расійскі газ для Беларусі з’яўляецца самай нізкай у СНД”.

Нагадаем, што падчас свайго нядаўняга візіту ў Мінск прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што цана на газ для Беларусі не будзе павышацца больш, чым гэта абумоўлена ў падпісаных раней кантрактах.