Расмусэн: NATO будзе прымаць новую стратэгію з улікам грамадскай думкі

На першай прэс-канферэнцыі новы кіраўнік NATO расказаў, калі да арганізацыі далучацца Украіна і Грузія. А таксама заявіў, што да стварэння стратэгіі NATO зможа далучыцца кожны Новы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, прэм’ер-міністр Даніі ў мінулым, уступіў на пасаду яшчэ ў суботу. Аднак выкананне сваіх абавязкаў пачаў 3 жніўня. З гэтай нагоды ў штаб кватэры Альянсу ў Брусэлі адбылася прэс-канферэнцыя, на якой новы генеральны сакратар распавёў журналістам аб прыярытэтах сваёй дзейнасці.

Каб больш эфектыўна дбаць пра бяспеку ва ўсім свеце, на сённяшні дзень трэба пачаць з Афганістана, лічыць Андэрс Фог Расмусэн. Пра поспех гэтай аперацыі можна будзе казаць толькі тады, калі афганскія ўлады змогуць самі гарантаваць бяспеку ў краіне. Да гэтага часу войскі саюзнікаў застануцца ў Афганістане, паабяцаў новы генеральны сакратар.

Каб Афганістан наблізіўся да дэмакратычных стандартаў, неабходна аб’яднаць намаганні розных бакоў — NATO, Еўрасаюза, ААН, няўрадавых арганізацый. Такое супрацоніцтва з’яляецца вельмі важным для для вырашэння міжнародных праблем.

Другі прыярытэт, вызначаны Расмусэнам на прэс-канферэнцыі, гэта адносіны з Расіяй. Генеральны сакратар лічыць, што трэба абвязкова развіваць стратэгічнае партнёрства, не звяртаючы ўвагі на разыходжанні ў поглядах:

Андэрс Фог Расмусэн: “Я не фантазёр. Зразумела, што знойдуцца істотныя пытанні, па якіх мы не згаджаемся. Напрыклад, мы будзем настойваць, каб Расія цалкам выконвала міжнародныя ўмовы, у тым ліку шанавала тэрытарыяльную цэласнасць і палітычныя свабоды ў суседніх краінах. Аднак мы не можам дазволіць гэтым супярэчнасцям сапсаваць усе адносіны”.

NATO хоча супрацоўнічаць з Расіяй у тых сферах, якія цікавяць абодва бакі, напрылад барацьба з тэрарызмам, афганская справа, нераспаўсюджванне ядзернай зброі ці вельмі актуальная апошнім часам праблема піратаў.

Андэрс Фог Расмусэн лічыць для сябе прыярытэтам таксама і супрацоўніцтва з краінамі Міжземнаморскага дыялогу і Стамбульскай ініцыятывы. У бліжэйшы час генеральны сакратар NATO сустрэнецца асабіста тэт-а-тэт з амбасадарамі гэтых краін, каб абмеркаваць супольныя планы на будучыню.

Што тычыцца пытання пашырэння Альянса на ўсход, Андэрс Фог Расмусэн які назваў сябе строннікам палітыкі “адкрытых дзвярэй”, раіць усё ж не забывацца пра ўмовы, якія неабходна выканаць краінам-кандыдатам:

Андэрс Фог Расмусэн: “На саміце у Бухарэсце мы вырашылі, што Грузія і Украіна могуць стаць сябрамі NATO у будучыні, калі выканаюць неабходныя крытэрыі. Пакуль яны іх не выканалі, таму гэта гіпатэтычнае пытанне”.

Менавіта таму новы генеральны сакратар лічыць правільным рашэнне прынятае ў снежні мінулага года. Тады NATO вырашыла дапамагаць Украіне і Грузіі развіваць сваю абароназдольнасць і рэфармаваць збройныя сілы.

Яшчэ адна важная справа, якой зоймецца новы генеральны сакратар, гэта стварэнне новай стратэгічнай канцэпцыі ўсяго Альянса. Папярэдняя была прынятая яшчэ 10 гадоў таму, і зараз ужо састарэла. На прэс-канферэнцыі Андэрс Фог Расмусэн прадставіў журналістам “дарожную мапу” працы над новай канцэпцыяй.

Андэрс Фог Расмусэн: “Я прызначыў групу з 12 экспертаў, якую узначаліць Мадлен Олбрайт, а таксама Героен ван дэр Вэер, у мінулым выканаўчы дырэктар нафтахімічнага канцэрна of Royal Dutch Shell. Яны будуць праводзіць канусультацыі ў краінах NATO і далёка па-за імі, з урадамі, экспертамі, няўрадавымі і міжнароднымі арганізацыямі”.

Акрамя гэтага генеральны сакратар хоча таксама паслухаць грамадскую думку. Усе ахвотныя могуць выказаць свае прапановы па далейшым развіцці Альянса на спецыяльным форуме, а таксама праз СМІ. Кіраўнік NATO паабяцаў, што меркаванне кожнай асобы будзе выслухана. Па яго словах, прыцэс прыняцця новай стратэгіі будзе найбольш адкрытым ва ўсёй гісторыі Альянса.


Фота з сайту NATO