ААН вінаваціць Беларусь у незаконных пастаўках зброі ў Кот-д'Івуар
Першы верталёт, мяркуецца, быў дастаўлены самалётам у сталіцу афрыканскай краіны ў ноч з нядзелі на панядзелак.
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун абвінаваціў Беларусь у незаконных пастаўках баявых верталётаў у Кот-д'Івуар.
Пра гэта паведамляе ў панядзелак РИА "Новости" са спасылкай на агенцтва Асашыэйтэд Прэс.
Па дадзеных ААН, Мінск, у парушэнне ўведзеных яшчэ ў 2004 годзе міжнароднай арганізацыяй санкцый, пачаў пастаўкі трох баявых верталётаў узброеным фармаванням, якія падтрымліваюць не прызнанага сусветнай супольнасцю прэзідэнта краіны Лорана Гбагбо.
Як паведамляе офіс кіраўніка ААН, першы верталёт і нейкія "адпаведныя матэрыялы", мяркуецца, былі дастаўлены самалётам у сталіцу афрыканскай краіны ў ноч з нядзелі на панядзелак. Прыбыццё яшчэ некалькіх бартоў нібы запланавана на аўторак.
Як паведаміў офіс Пан Гі Муна, пастаўкі ваеннай тэхнікі сілам, якія падтрымліваюць Гбагбо, з'яўляюцца "сур'ёзным парушэннем эмбарга, уведзеным у дачыненні да Кот-д'Івуара".
У МЗС Беларусі занепакоены з'яўленнем гэтай заявы. Пра гэта сказаў БелаПАН прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Андрэй Савіных. "Беларусь заўсёды вельмі адказна ставілася да выканання ўсіх патрабаванняў і рашэнняў Рады бяспекі ААН. У Беларусі створана эфектыўная сістэма экспартнага кантролю над узбраеннем", — заявіў Савіных.
У Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі заяву Пан Гі Муна пакуль не каментуюць.
Раней, да ўводзін эмбарга ААН, Беларусь неаднаразова пастаўляла зброю і ваенную тэхніку ў Кот-д`Івуар.