Абарона знайшла разыходжанні ў матэрыялах справы Канавалава і Кавалёва

Гаворка ідзе пра матэрыялы, якія тычацца супастаўнасці асобы і вопраткі Дзмітрыя Канавалава з падазраваным, якога зафіксавалі камеры відэаназірання ў метро.

У прыватнасці, 12 кастрычніка былі прадэманстраваныя стоп-кадры, знятыя 11 красавіка на станцыі "Фрунзенская", і следчага эксперыменту з Канавалавым на той жа станцыі. На першым стоп-кадры — чалавек з торбай у чорнай вопратцы, на другім — Канавалаў з торбай таксама ў вопратцы чорнага колеру. Адвака звярнуў увагу суда на тое, што на першым стоп-кадры куртка на падазроным шчыльна абліпае цела, на другім стоп-кадры відаць, што куртка, у якую апрануты Канавалаў, яму вялікая. Пры гэтым падчас следчага эксперыменту Канавалаў быў апрануты ў куртку, вынятую ў яго пасля затрымання.

Таксама абарона звярнула ўвагу, што рост чалавека з 11 красавіка не адпавядае росту Канавалава ў другім стоп-кадры, перадае БелаПАН.

У судзе былі абвешчаныя высновы Інстытута крыміналістыкі ФСБ Расіі. З іх вынікае, што немагчыма ацаніць партрэтнае падабенства з Канавалавым чалавека, знятага ў метро. Пры гэтым рост падазронага адпавядае росту Канавалава. Агульнымі з'яўляюцца хударлявы целасклад, гарбаватасць. Эксперты мяркуюць, вопратка Канавалава магла быць на падазроным, якога зафіксавалі відэакамеры.