Адмяняецца патрабаванне аб 30-дзённым рэзерваванні сродкаў на куплю валюты

1 красавіка спыніла дзейнічаць уведзенае Нацбанкам 16 сакавіка патрабаванне аб 30-дзённым рэзерваванні сродкаў на куплю замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, паведамляе БелаПАН.

Задавальненне заявак на куплю валюты падчас таргоў будзе праводзіцца "ў межах агульнай сумы заявак на продаж замежнай валюты з улікам наступнай прыярытэтнасці кірункаў выкарыстання набытай валюты: для аплаты за медыкаменты, за пастаўлены ў рэспубліку прыродны газ, для пагашэння крэдытаў у замежнай валюце і для іншых мэтаў".

Банкам, якія падалі заяўкі на куплю валюты ў перыяд дзеяння 30-дзённага тэрміну рэзервавання сродкаў, будзе дадзена права перанакіравання іх для ўдзелу ў таргах 1 красавіка "з улікам прыярытэтнасці мэтаў куплі замежнай валюты".

Падкрэсліваецца, што на задавальненне патрэбнасцяў суб'ектаў гаспадарання рэспублікі ў валюце "будзе накіроўвацца ўвесь аб'ём валютных сродкаў ад экспарту тавараў і паслуг, што паступаюць у краіну, без якіх-небудзь абмежаванняў".

Пры гэтым важная роля ў пераразмеркаванні замежнай валюты Нацбанкам "па-ранейшаму адводзіцца міжбанкаўскаму рынку, на долю якога прыпадае больш за 70% валютнай выручкі, што паступае ў краіну".