Адпачынак тысячы расіян пад пагрозай зрыву па віне беларускай чыгункі?

Пра гэта сёння заявіла прэс-сакратарка Расійскага саюза туріндустрыі Ірына Цюрына. Паводле яе слоў, тураператары-аўтобуснікі запланавалі на навагоднія вакацыі некалькі выездаў. У прыватнасці, 29 снежня павінны выехаць з Масквы ў Брэст больш за 400 турыстаў, а 2 студзеня — больш за 600. Турысты дабіраюцца да Брэста на беларускіх цягніках, затым іх перасаджваюць на аўтобусы, якія раз'язджаюцца па розных еўрапейскіх маршрутах.

Праязныя дакументы турыстам на цягнік Масква-Брэст былі аформленыя яшчэ ў кастрычніку. Аднак днямі стала вядома, што заяўкі ануляваныя, бо з 18 вагонаў у цягніку засталіся толькі 10. Набыць квіткі на іншыя цягнікі няма магчымасці з-за адсутнасці месцаў у пераднавагодні перыяд.

"Такім чынам, па віне Беларускай чыгункі зрываюцца навагоднія туры з выездам 29 снежня больш за 400 расійскіх турыстаў ", — цытуе Цюрыну РІА "Новости".

У чацвер міністру транспарту і камунікацый Беларусі Анатолю Сіваку быў адпраўлены ліст з просьбай адшукаць магчымасць прадастаўлення вагонаў для адпраўкі турыстаў у навагоднія туры. Але адказу пакуль няма.

Фота — ria.ru